Эдкэмп-2019. Дзень 1

Эдкэмп-2019. Дзень 1
12 кастрычніка стартавала доўгачаканае мерапрыемства. Настаўнікі Беларусі адлічвалі дні да яго пачатку, як дзеці ў чаканні Новага года.
Што зрабіла гэта мерапрыемства такім папулярным? Чаму трапіць на яго жадала больш настаўнікаў, чым было запланавана? Па якой прычыне беларускія настаўнікі гатовыя страціць асабістыя выхадныя дні, каб працаваць на Эдкэмпе? Чаму прэзентаваць свае ідэі туды едуць з радасцю? Чаму жадаючых без прымуса выступіць на неканферэнцыі шмат?
Першы дзень адразу даў адказы на гэтыя ды і на іншыя пытанні. 

Але пачнем з "галавы". Нічога б не было, каб больш за 3 гады таму на Соушл-вікэнд Яўген Пугач з камандай не стравырі праект педагагічнай неканферэнцыі. І не атрымалася б ўсё так, каб поруч з імі не стаяла ТБШ пад кіраўніцтвам Тамары Мацкевіч. Але вось ужо 3 Эдкэмп, колькасць настаўнікаў-удзельнікаў павялічваецца ў геаметнычнай прагрэсіі - а значыць, справа гэтая вельмі важная.

Яўген і Тамара адкрывалі і сёлетні Эдкэмп. Тамара пачала з гумару: "Я адкрыю для вас сакрэт. Педагогіка - гэта навука". Насамрэч, любыя рэформы ў галіне адукаціі павінны мець 3 апоры, каб быць дзейснымі. Ці так у нас?
Цікавым і незвычайным гэты Эдкэмп быў таму, што спецыяльным госцем з'яўлялася пасол Велікабрытаніі! Ці ж гэта не дасягненне: на педагагічную нараду прыйшоў такі госць! 

А вось чаму не было прадстаўнікоў, якія займаюць крэслы ў Міністэрстве - пытанне іншае. За Міністэрства адказваў Мікалай Іванавіч Запрудскі - гуру беларускай педагогікі. Гэта падцвердзілі авацыі ў яго бок ад гледачоў. Мікалай Іванавіч пажартаваў: "Я перадам Мііністэрству, што яго тут вельмі добра сустракалі". Не разумею я (але гэта, напэўна, толькі маё неразуменне), чаму ігнаруюць мерапрыемства, на якое прыехалі настаўнікі самі, без прымусу. Актыўныя, неабыякавыя? Ёсць жа магчымасць знайсці агульную мову (ой, тут мяне нешта панесла пра мову не ў той бок).
Падчас гутаркі з прадстаўнікамі бізнэсу і бацькоў, якую мадэравала Кацярына Куксо, ўсе разумелі, што тэма "Супрацоўніцтва", выбраная сёлета асноўнай дмкай неканферэнцыі, надзвычай актуальная.

Безумоўна, цікава было пачуць гуру брытанскай педагогікі Роса Морысана Мак Гіла (Вераніка Арлова, Вольга Кецко: "Рос - ён рос, рос, ды і вырас!"). 
Кожны з прысутных зрабіў свае высновы з яго прамовы, але ж, напэўна, я не буду хлусіць, калі скажу, што праблемы ў брытанскай адукацыі блізкія і нам. Таксама назаўсёды застанецца яго гумарыстычнае выказванне пра тое, што існуе спецыяльнае пекла для настаўнікаў, якія не дзеляцца сваімі ідэямі. І я гарантую: тыя, хто быў на Эдкэмпе, у гэтае пекла не патрапяць!
На кірмашы настаўніцкіх ідэй можна было пачуць і пабачыць, што цікавіць сённяшніх настаўнікаў. Многа ўвагі было аддана працы даследчай, працы на класных гадзінах, нестандартным формам і прыёмам, якія можна выкарыстоўваць на ўроках, мнематэхнікам, сакрэтам запамінання. Але што для сябе я вынесла з кірмаша ідэй: з кожным годам майстэрства настаўнікаў рабіць "спічы для ліфта" - кароткія прамовы, каб прарэкламаваць сваю ідэю, расце. Калі на 1 Эдкэмпе гэта, у асноўным, былі маналогі пра тэму, часта выходзячыя за межы адведзенага часу, на 2 - гэта былі дэманстрацыі цікавай нагляднасці, то на 3 эдкэмпе ўсе імкнуліся да інтэрактыву. І гэта здорава!
На кірмашы ідэй мы пачулі і Дануту Стэрну - экспертку з Польшчы, якая запрасіла на свае майстар-класы (мне давялося быць на адным - пра зваротную сувязь і супрацу настаўнікаў) - Актыўная Ацэнка і Данут для мяне - непадзельныя. І я кожны раз для сябе адкрываю ўсё новыя і новыя цікавыя знаходкі гэтага пазітыўнага чалавека.
Пасля кавапаўзы была магчымасць паслухаць замежных экспертаў. Рос - сапраўдны эксперт у галіне Брытанскай адукацыі, бо тыя дадзеныя, што ён змог атрымаць - цікавыя і карысныя - раз, два - вялікая праца і час на збор. Што мяне парадавала: у Беларусі пакуль няма школ накшталт брытанскіх (для дзяцей-бандытаў). І гэта супер! Хай і надалей не будзе. Але ж статыстыка таго, як хутка настаўнікі сходзяць са школы засмучае. І прычыны - таксама. У нашай краіне ўсё аналагічна. І трэба мяняць сітуацыю. Сябры, усё ў нашых руках! 

Рос саступіў пляцоўку для выступаў беларускім настаўнікам і чэшскай Марціне (Памяць нацыі - хачу паглядзець відэа, бо не была). Я трапіла да Тамары Качкан на "Візуалізацыю". Дзякую Тамары: расклала па палічках, дала папрацаваць, падзялілася ўласным разуменнем прыёмаў - тое, што патрэбна галоднаму мозгу настаўніка! Будзем выкарыстоўваць!
Шкада, што не трапіла да Інэсы Зубрылінай, Юры Сенкевіча і Алены Лемантовіч і Алёны Мельчанка - што зробіш, разарвацца немагчыма! Але Ютуб абяцае запісы. Шукаем тут!
Далей была зноў экспертная сесія. Данута Стэрна з Катажынай Дмітрук (Польшча), Рос Морысан (Велікабрытанія), Боб Картоўс (Чэхія) і Аліна Ваўранюк (Польшча).
Зноў немагчымасць разарвацца адыграла сваю ролю. Я выбрала для сябе спадарыню Аліну: бо захапляюся тымі прадуктамі, якія распрацавала ПОЛЬСКАЯ!!! настаўніца для навучання дзетак БЕЛАРУСКАЙ! мове! Я карыстаюся яе песенькамі, а на яе МК даведалася, што ёсць яшчэ і разработкі заняткаў для 1-3 класаў па мове. Цікава: мову там вывучаюць не дзеткі перасяленцаў з беларусі, а палякі, тыя, што калісь этнічна былі беларусамі (іх дзеці і ўнукі). Мяжа рухалася, людзі - не. Цікава ж! Аб'яднанне АБ-БА - шукайце - чытайце! Карысна, бо для сучасных дзетак беларуская мова - больш складаная, чым англійская! А песенькі і мінусоўкі ёсць на сайце "Настаўнік.інфо"! Што яшчэ ўразіла-запомнілася: у Польшчы для настаўнікаў прадугледжаны 3 гады аплачваемага адпачынку па стане здароўя! Раней дыягназ ставіў сямейны доктар, зараз - доктар медыцыны працы. І дыягназ, які падыходзіць для атрымання адпачынку - вузлы на звязках! Згадзіцеся: гэта ж добрая рэч, каб не "перагарэць на працы". Нават, выдатная!
Наступныя майстар-класы абышлі мяне бокам, бо я таксама стала адной з выступоўцаў - мы падарожнічалі з "Калабком" ад "маленькіх даследванняў да адкрыццяў". Спадзяюся, што гэты час прайшоў для ўдзельнікаў майго МК с карысцю і не сумна! І шкадую, што не бачыла, не чула Наталлі Катчанкі, Таццяны Размысловіч, Кацярыны Заяц, Вольгі Счасновіч, Святланы Пузіноўская, Святланы Здранковай! Знайду час - буду глядзець відэа, бо ўпэўненая - было вельмі карысна і цікава!
Апошні пачуты выступ - Дзіма Макарчук пра праект "Настаўнік для Беларусі". Атрымала адказы на некаторыя свае пытанні. Але спіс пытанняў яшчэ ёсць! Буду думаць, як агучыць!
Постэрная сесія, запланаваная на вечар, адбывалася па ходзе мерапрыемства. І гэта было крута: постары былі падрыхтаваныя па гатовым шаблоне - а значыць, настаўнікі эканомілі час і разумелі, што ад іх патрабуюць. Гэта ж круцей, чым "прыказна" рол-ап!Ведаю, што не адпусцілі без тлумачэння ад постэру Інгу Ціханавецкую - і гэта лагічна! Бо такіх асаў, як Інга, трэба слухаць і бачыць! 
Я ж круцілася каля постэру Тані Багдановіч, бо працуем мы з ёй па адным праекце! І гэта крута. Нас раздзяляе 150 км, але аб'ядноўвае ідэя! 
А далей незабыўная музыка беларускай дуды, цымбалаў скрыпкі! Танцы з сябрамі! Дзякуй за ўсё гэта!

Ну і П.С.: усё тое, што распавяла я вышэй - моманты рэфлексіі. Тэксту атрымалася шмат, а думак - намнога больш. Але галоўнае ў Эдкэмпе - сустрэча старых сяброў. Толькі зараз зразумела, што ўсіх вельмі люблю, ганаруся знаёмствамі з настаўнікамі а...не ведаю нават, адкуль многія прыехалі. Добра ведаю імёны, разумею стылі працы і асноўныя фішкі людзей, зада бачыць-абдымаць, а месцы, адкуль людзі... Напэўна, не гэта галоўнае!
А якая значная для мяне сустрэча адбылася - сяброўка Юля, з якой 4 гады жылі ў адной комнаце ў інтэрнаце педкаледжа, аказалася на Эдкэмпе! Ну шчасце ж! І настаўніца з каледжа - наша Наталля Іванаўна. 

Хочацца напрыканцы пералічыць імёны ўсіх, каго рада была бачыць, каго з задавальненнем абдымала, каго так палюбіла за...3 з паловай гады сустрэч... Але спіс будзе такім вялікім! Дзякуй, сябры! Нашыя абдымкі, сустрэчы, гутаркі, магчымасць бачыць аднадумцаў, вашыя вочы, якія ззяюць ад асалоды, што атрымалі на Эдкэмпе - што можа быць лепш! Люблю ўсіх.

П.П.С.: фотаздымкі амаль усе тут не мае, бо я - дрэнны фатограф!
Хай Эдкэмп жыве, бо ён - настаўніцкі кісларод!
Гэта хімія, бо туды цягнецца сам народ!
Хай ідэі новыя на ім заўсёды нараджаюцца,
А энтузіястаў колькасць і далей памнажаецца!

Комментарии

Популярные сообщения